ym(86490552, "init", { clickmap:true, trackLinks:true, accurateTrackBounce:true, webvisor:true });

Каляда ля варот - весяліцца ўвесь народ

11.01.2024

Народныя святы, звычаі, абрады перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Гэта наша нацыянальная культурная спадчына, тое, што дазваляе нам не забываць сваю гісторыю, адчуваць сябе беларусам. Нашы продкі вельмі шмат працавалі, але ўмелі адпачываць і весяліцца, асабліва ў святы.

         Самая сярэдзіна зімы, нестае сонца і цяпла, посная ежа, няма забаў… І тут – Каляды з песнямі, танцамі, гульнямі, жартамі, забавамі, калядоўшчыкамі ў масках, пачастункамі. Сапраўднае свята! Каляды- галоўнае зімовае свята беларусаў,якое доўжыцца два тыдні.

         У адзін з калядных дзён выхаванцы і калектыў Любанскага дзіцячага сада сабраліся ў святочна прыбранай зале каля шчодра накрытага стала, які дапамаглі падрыхтаваць бацькі нашых дзетак, каб адзначыць Калядкі. Шмат гасцей завітала на свята. Дабрабыту і багатага ўраджаю жадала Каза, варажыла і весяліла ўсіх Цыганка, забаўляў Мядзведзь, спявалі, вадзілі карагоды, гулялі ў гульні калядоўшчыкі. Залівісты дзіцячы смех, сакавітая беларуская мова, народныя мелодыі поўнілі залу. А якое святочнае асяроддзе стваралі яркія народныя строі! Святу цесна было ў музычнай зале, і пайшлі калядоўшчыкі пад каляднай зоркай з песнямі і танцамі па вуліцах Любані.

         Спачатку завіталі ў адміністрацыю ААТ “Новая Любанія”. Гаспадары з цікавасцю слухалі песні, удзельнічалі ў гульнях, вадзілі карагоды. Потым калядоўшчыкі весялілі працаўнікоў Любанскага сельівыканкама. Жаданымі гасцямі былі самадзейныя артысты ва ўрачэбнай амбулаторыі. Напрыканцы крыху стомленыя, але бадзёрыя маленькія выступоўцы павіншавалі з Калядамі вучняў і калектыў сярэдняй школы. “Весяліла ўсіх яна - Каляда”, - падпявалі прысутныя.

         Святочны настрой, шчырыя ўсмешкі, незабыўныя ўражанні атрымалі і калядоўшчыкі, і тыя, хто іх сустракаў і цёпла вітаў. Накалядаваныя прысмакі ледзьве змесціліся ў немаленькі мех.

         Умее наш беларускі народ старанна і плённа працаваць, а яшчэ ўмее заўзята святкаваць. Чалавек, які памятае і шануе традыцыі, мае трывалую жыццёвую апору. У яго выхоўваецца пачуццё ўласнай годнасці, нацыянальнага гонару за прыналежшасць да беларускага народа.